БЫ́ХАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́ , помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Будынак цэнтрычны, крыжападобны ў плане, на цагляным атынкаваным фундаменце. З трох бакоў зроблены ўваходы ў выглядзе шырокіх мураваных ганкаў з казыркамі на драўляных калонах. Над гал. уваходам — высокая васьмігранная ў плане 3-ярусная званіца, над сяродкрыжжам — вялікі светлавы барабан (дыяметр 8 м, вышыня 12,5 м) з купалам. Фасады вертыкальна ашаляваны. Вокны паўцыркульныя. У інтэр’еры цэнтральная 2-светлавая частка перакрыта самкнёным скляпеннем на ветразях.
т. 3, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)